Барыс Херсонскі. Пераклад з украінскай
На абразах старажытных Іосіф сядзіць адзін у кутку,
адвярнуўся ад Бога народжанага і ад Марыі Дзевы.
Ён глядзіць кудысь у бок, у старазапаветным смутку
Ён не чуе ні крык Немаўляці, ні анёльскія спевы.
І зорка ў дзіры паміж хмар, і касмічны прамень прамы
як вось сіметрыі апускаецца па вертыкалі.
Стары запавет – пастарэў, але ён моцны й жывы,
і Слова пакуль бязмоўнае, і сэнсу мы не шукалі.
На абразах старажытных Марыя ляжыць на баку,
звярнуўшы свой погляд на Немаўлятку веры.
На імгненне здаецца старому, што сядзіць у кутку,
бы ў сагнутыя плечы яму пазірае Новая Эра.
На абразах старажытных анёлы і нябёсаў фон залаты.
І Дзева ляжыць на баку, і над ёю лунае галубка.
Іосіф не ведае – што яго ўшануюць, што ён святы,
І калі б даведаўся - ён не прыняў бы гэтую думку.
Таму, што ён цясляр, а цясляр - не бачыць Нябесных Сыноў.
Ён прывык да таго, што гэблюецца і відавочна.
Ён чытаў святыя кнігі, але не бачыў святых сноў.
А сон падыходзіць. Заўтра – ад самае раніцы крочыць.
Таму што шлях пачынаецца ад Каляд, а затым без праблем,
эра стане нашай, бо пакінута нам, нашчадкам.
Мільгаюць стагоддзі войнаў, звініць ланцуг сацыяльных сістэм.
Раство – у мінулым. Цяпер Дзяцінства пачатак … |